Паважаныя сябры, чытачы. Мая пазіцыя па падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі не змянілася, і больш за тое, не зменіцца, калі нават раптам дзяржаўны пераварот будзе ўсё ж такі, на жаль, ажыццёўлены. Падтрымка Лукашэнкі, звязаная не з нейкімі грашовымі плюшкамі, як хтосьці можа думаць, называючы мяне "прыкарытнікам", што я не аднойчы чуў ад сваіх апанентаў. Не. Хто мяне ведае, той ведае, дзе і ў якіх умовах я жыву, які заробак і за што атрымліваю. У мяне няма раскошы, да якой я, у прынцыпе і не імкнуся. Не імкнуўся і не імкнуся я ні да якіх пасадаў. Я пагарджаю ўсімі, хто пераабуваецца на хаду. Яны паказалі, што за ўласную шкуру гатовыя перабегчы, злаўчыцца і прадацца. Такія спадары заслугоўваюць з майго боку пагарды. Мая пазіцыя ў падтрымку Лукашэнкі мае глыбока філасофскія і экзістэнцыяльныя падставы. Па-першае, я глыбока перакананы, што буржуазная дэмакратыя, якую прапаноўваюць для Беларусі альтэрнатыўшчыкі, як мінімум амаральная і нізменная, так і канкрэтна згубная для краіны, яе суверэнітэту і незалежнасці. На працягу ўсяго перыяду незалежнасці наша краіна знаходзіцца ў надзвычайным геапалітычным становішчы. Барацьбу за панаванне і ўплыў над ёй вядуць асноўныя геапалітычныя гульцы свету: ЗША, ЕС, Расія, а ў апошні час яшчэ і КНР. Існаванне рэальна суверэннай, незалежнай, ганарлівай і ў чымсьці дзёрзкай Беларусі не падабаецца шмат каму. Напружанасць за ўплыў на краіну расце. Ідзе абвастрэнне. Усё гэта можна назваць надзвычайных геапалітычным становішчам. Выжыць Беларусі як рэальна, а не для галачкі, суверэннай, незалежнай дзяржаве, магчыма толькі ў выпадку моцнай і цэнтралізаванай улады на чале з Суверэнам. Буржуазная дэмакратыя не здольная забяспечыць рэальны суверэнітэт. Гэта мы бачым па іншых краінах рэгіёну. Па-другое, прасоўванне ліберальных рэформаў і шокавай тэрапіі, якімі мільгаюць праграмы альтэрнатыўшчыкаў, падарве сацыяльна-эканамічны баланс у краіне. Заводы, якія сёння не без цяжкасцяў, але працуюць, апынуцца ў лепшым выпадку прададзенымі ці здадзенымі на металалом. Рабочыя скарочаныя альбо выкінутыя на вуліцу. Сацыяльныя паслугі камерцыялізаваныя і стануць недасяжнымі для большасці насельніцтва. Будзе назірацца дыктатура прыватніка над бюджэтнікам і наёмным работнікам, капіталу над суверэнітэтам і незалежнасцю Беларусі. Па-трэцяе, мы ўжо страцілі стабільнасць і мр. Мы ўжо губляем свае пазіцыі на міжнароднай арэне. Мы зараз не з'яўляемся ні донарам стабільнасці, ні донарам міру. Магчыма мяшчанскай, дробнабуржуазнай свядомасці цікавы, перш за ўсё, асабісты страўнік, камфорт, дастатак і іншае хараство бюргерскага існавання. І яны гатовыя здаць краіну за гэтыя пернікі. Але такое разуменне ганебна, а яго носьбіты пагарджаемы. Гэта ніякім чынам не звязана з патрыятызмам, а, хутчэй, з спажывальніцтвам, у стылі, "атрымай ад Радзімы ўсё". Наколькі доўга можа пратрымацца буржуазная дэмакратыя, якая знаходзіцца ў надзвычайным геапалітычным становішчы, без карысных выкапняў, з малой ёмістасцю рынку і без выйсця да мора? Думаю, што нядоўга. Ды і спажывецкае стаўленне да Радзімы, дзяржавы, наваколля, у стылі "я плачу, таму абслугоўвай мяне" само па сабе брыдка і амаральна. Такая пазіцыя з майго боку не заслугоўвае ніякага разумення. Янка Купала заклікаў беларусаў "людзьмі звацца" і "знайсці свой пачэсны пасад між народамі", а не здавацца пану, нават калі яго клічуць "дзядзька Сэм", "Іван" ці "Фрыц". Патуль, я лічу, што ў выпадку Беларусі спажывецкае, ганебнае стаўленне да краіны і дзяржавы з'яўляюцца самагубствам для яе незалежнасці і суверэнітэту. Прамяняць Беларусь на высокі заробак можна. Вярнуць Беларусь будзе вельмі складана. Таму падабаецца гэта каму ці не. Пасля персоны Лукашэнкі нам спатрэбіцца калектыўны Лукашэнка.

Теги других блогов: суверенитет Беларусь Лукашенко